МІЛІНКЕВІЧ Аляксандр Уладзіміравіч (Милинкевич Александр Владимирович, Milinkіevich Alіaksandr Uladzimiravich).

Нарадзіўся 25 ліпеня 1947 года ў Гродне.
Кандыдат фізіка-матэматычных навук, абараніў дысертацыю “Механізм генерацыі звышмоцных лазерных імпульсаў” (1976), скончыў аспірантуру Інстытута фізікі АН БССР, малодшы навуковы супрацоўнік (1972), фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута, спецыяльнасць – настаўнік (1969).
Працаваў дацэнтам фізічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта ім. Янкі Купалы (1994-2000 гг.); намеснікам старшыні Гродзенскага гарвыканкама. Займаўся пытаннямі адукацыі, культуры, рэлігіі, аховы здароўя, СМІ, міжнародных адносінаў, спорта, моладзі і аховы гістарычнай спадчыны (1990-1996 гг.); загадчыкам кафедры Сетыфскага універсітэта (Алжыр, 1980-1984 гг.); дацэнтам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Янкі Купалы (1978-1980 гг., 1984-1990 гг.); інжынерам і старэйшым выкладчыкам Гродзенскага педінстытута (1976-1978 гг.); малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута фізікі АН БССР (1972-1976 гг.); школьным настаўнікам (1969 г.).
Стажыраваўся ва ўстановах Еўрасаюза па пытаннях функцыянавання і пашырэння ЕС, у Рэспубліцы Польшча па праблемах мясцовага самакіравання, дзяржаўнай пабудовы эканамічных рэформ і правоў чалавека, у Каліфарнійскім універсітэце (ЗША, 1998 г.), ва ўніверсітэце Манпелье (Францыя, 1980). Прайшоў курс навучання вышэйшага кіруючага складу ў еўрапейскім Цэнтры даследавання праблем бяспекі ім. Джорджа Маршала ў Гарміш-Партэнкірхене (ФРГ, 2000 г.), вывучаў сучасныя метады адукацыі ў Вялікабрытаніі і вопыт развіцця спорта ў Канадзе, удзельнік праграмы Інфармацыйнага агенства ЗША па пытаннях мясцовага самакіравання (ЗША, 1994 г.).
Кіраўнік аргкамітэта “За Свабоду Дашкевічу” (10.2006 г.); кандыдат у прэзідэнты РБ (02.2006-03.2006 гг.). У кастрычніку 2005 года на Кангрэсе Дэмакратычных сіл Беларусі быў абраны адзіным кандыдатам у прэзідэнты РБ ад аб’яднаных дэмакратычных сіл (10.2005-03.2006 гг.); кіраўнік праграм Фонда Садзейнічання лакальнаму развіццю (2003-2006 гг.); кіраўнік выбарчага штаба кандыдата ў Прэзідэнты РБ – С.М.Домаша (2001 г.); ініцыятар стварэння рэспубліканскага аб’яднання “Рэгіянальная Беларусь” (2001 г.); старшыня Гродзенскага гарадскога аддзялення рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Таварыства Беларускай Школы” (03.2003-02.2005 гг.); кіраўнік Беларускай Асацыяцыі Рэсурсных Цэнтраў (1999-2005 гг.); старшыня Гродзенскага абласнога грамадскага аб’яднання “Ратуша” (1996-2003 гг.).
Сябра рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы ім.Францыска Скарыны” (2001 г.); рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Таварыства Беларускай школы” (2003 г.); Міжнароднай Федэрацыі Журналістаў; Міжнароднага ПЭП-Клуба (03.1999 г.); прэзідэнт баскетбольнага клуба “Гродна-93”, шматразовага чэмпіёна краіны (1996-1997 гг.); чэмпіён БССР па баскетболу (1968-1969 гг.).
Лаурэат прэміі Еўрапарламента ім.А.Сахарава “За свабоду думкі” за 2006 г. (10.2006 г.), Узнагароды ім. Сержыё Віера дэ Мэла, высокага камісара ААН па правах чалавека, за дзеянні мірнага супраціўлення і супрацоўніцтва супольнасцяў, рэлігіяў і культур (10.2006 г.), Міжнароднай прэміі Незалежнага Фонда “Полькуль”, за развіццё культурных беларуска-польскіх адносін (Аўстралія, 1997 г.); Ганаровы сябра ГА “Саюз Палякаў Беларусі” (04.1994 г.); Ганаровы грамадзянін горада Талса (Аклахома, ЗША, 1994 г.); узнагароджаны ордэнам “За заслугі перад польскай культурай” за адкрыццё месца пахавання караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1989 г.).
Вядомы краязнаўца, даследчык гісторыі і рэстаўратар вядомага, найстарэйшага ў Еўропе гродзенскага вежавага гадзінніка (XV – XVI стст.). На працягу 10 гадоў быў аўтарам і вядучым праграмы па гісторыі краю на гродзенскім тэлебачанні.
Паходзіць з праваслаўнай сям’і.
Жанаты, мае двух сыноў.
Валодае, акрамя роднай беларускай, чатырма замежнымі мовамі – англійскай, французскай, польскай і рускай.
Працы: 65 навуковых прац па квантавай электроніцы, лазернай тэхніцы, гісторыі культуры, архітэктуры, навукі і тэхнікі, аўтар артыкулаў у энцыклапедыях “Гісторыя Беларусі”, “Архітэктура Беларусі”.



